Беларускі піонэр
2.89K subscribers
6.59K photos
8 videos
24 files
651 links
БССР 1920-х, 1930-х. Кнігі, газеты, часопісы, фота, архітэктура.

Дапамога праекту: patreon.com/belaruskipioner

Другі канал пра крымінал у БССР 1920-х: @crime1920s

Сувязь: @pionerbel
Download Telegram
#архітэктурабсср
Геафізічная абсерваторыя ў Мінску: праект Івана Валадзько 1929 года і яго рэалізацыя ў 1936-м (будынак захаваўся да нашых дзён па адрасе пр.Незалежнасці, 110к1).
#архітэктурабсср
Слуцкі краяўнаўца Ігар Ціткоўскі:
"90 гадоў таму, у 1934 г. у Слуцку пачалося будаўніцтва гарадской электрастанцыі. Завяршылася яно ў 1936 г. Корпус той электрастанцыі захаваўся да нашага часу. Гэта адметнейшае збудаванне на вуліцы Камсамольскай (раней Шырокая, Сенатарская) з’яўляецца помнікам прамысловай архітэктуры Слуцка першай паловы 20 стагоддзя.
Выпрацоўка электрычнасці ў горадзе мелася і раней – у 20-я гады ў гарадской лазні ўсталявалі генератар пераменнага току, з дапамогай якога асвятляліся галоўныя гарадскія вуліцы і некалькі будынкаў; у 1926 г. уступіла ў строй электрастанцыя, арганізаваная ў закрытым кальвінскім храме, у тры разы мацнейшая за папярэднюю. Аднак толькі ўступленне ў строй новай электастанцыі дазволіла поўнасцю электрыфіцыраваць горад, электрычнасць атрымалі прадмесці і навакольныя вёскі."
#архітэктурабсср
У часопісе "Московский пролетарий" 1928 года знайшлася (знайшоў В.Аніська) якасная фотка школы №20 (даваенная нумерацыя) імя 10-годдзя БССР, якая была адчынена ўвосень 1928 года (святкаваць 10-ю гадавіну ўтварэння Савецкай Беларусі пачалі задоўга да афіцыйнай даты 1 студзеня 1929 года).
Гэта быў першы школьны будынак пабудаваны ў міжваенным Менску пасля Рэвалюцыі.
Школа знаходзілася на менскай Ляхаўцы (раён каля стадыёна "Дынама"), яна перажыла вайну, але была знесена пасля таго, як быў пабудаваны новы школьны будынак у іншым месцы.
#архітэктурабсср
Нетыповы від на Дом Урада ў Менску з задняга фасада, 1930-я гады. Бачная шэраговая забудова вуліц Берсана і Мяснікова таго часу.
Фота са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (на жаль не было даступна анлайн, але можна было заказаць электронную копію).
#архітэктурабсср
Эвалюцыя знешняга выгляду жылога дома на рагу вуліц Камсамольскай і Карла Маркса ў Менску:
1. Пабудова дома на фота з газеты "Зьвязда" 1930 года.
2. У часы нямецкай акупацыі, 1943 год.
3. Пасля вызвалення горада летам 1944 года (БДАНТД ф.77).
4-5. Будынак пасля аднаўлення ў 1950-я гады (БДАНТД ф.188).
6. Дом у 1992 годзе (фота Багласава).
7. Сучасны здымак аўтара.
#публікуеццаўпершыню #архітэктурабсср
Невялікі архіўны эксклюзіў ад "Беларускага піонэра", праўда, трохі з іншай гістарычнай эпохі - варыянты афармлення дамоў на перакрыжаванні вуліцы Янкі Купалы і цяперашняга праспекта Незалежнасці з пачатку 1950-х гадоў (БДАНТД ф.77).
Праектныя рашэнні адрозніваюцца ад таго, што было пабудавана большай пышнасцю дэкора і выкарыстоўваннем у афармленні будынкаў поўнаразмерных статуй, порцікаў, лепніны, але завяршэнне пабудовы гэтых дамоў супала з прыняццем у СССР пастановы аб празмернасцях у архітэктуры і таму фінальны варыянт быў значна спрошчаны.
#архітэктурабсср #звязда
У працяг тэмы юбілеяў - роўна 85 гадоў таму 10 сакавіка 1939 года быў урачыста адчынены будынак Вялікага дзяржаўнага тэатра оперы і балета ў Менску (архітэктар І.Лангбард).
#архітэктурабсср
Тое, як выглядаў самы першы пасажырскі павільён менскага аэрапорта, вядома толькі па аднаму здымку дрэннай якасці, які публікаваўся ў беларускіх газетах у 1936 годзе. Прычым, што цікава, фотаздымкі ў "Зьвяздзе" і ў бабруйскай газеце "Комуніст" (знайшоў В.Аніська) адлюстраваны адносна вертыкальнай восі - такім чынам становіцца незразумела, які з гэтых ракурсаў правільны.
#архітэктурабсср
У бабруйскай газеце "Комуніст" за 1937 год знайшоўся (знайшоў В.Аніська) унікальны здымак малавядомага прамысловага аб'екта міжваеннага Менска - завода "Чырвоны дрэваапрацоўшчык" (у 1930-я парайменаваны ў "Дрэваапрацоўчы завод імя Молатава").
Ён знаходзіўся ў раёне сучаснай плошчы Якуба Коласа і фасадам выходзіў на пр.Незалежнасці. Свой знешні выгляд атрымаў па завяршэнні капітальнай рэканструкцыі старых дарэвалюцыйных карпусоў разбуранага ў Першую Сусветную кафлянога завода напрыканцы 1920-х гадоў (фота 2,3). Напрыканцы 1939 года ў памяшчканнях завода адкрыўся радыёзавод (побач таксама пабудавалі новы корпус).
Завод перажыў вайну і да 1950-х гадоў захоўваў арыгінальны выгляд (фота 4,5), тады ж ён быў рэканструяваны з надбудовай аднаго паверха і прыбудовай новых карпусоў.
Фактычна стары дрэваапрацоўчы завод упісаны ў цяперашні офісны будынак па адрасе пр.Незалежнасці, д.56А (фота 6).
#архітэктурабсср #піонэрархнагляд
Эвалюцыя знешняга выгляду будынка былой абласной дзіцячай бальніцы (будавалася як корпус медінстытута) на тэрыторыі 1-й клінічнай бальніцы г.Мінска па адрасе вул.Броўкі, 5:
1-2. Фотаздымкі 1940-41 гадоў, на якіх выяўлены працэс будаўніцтва (пазначана, што будаваўся корпус медінстытута).
3. Фота часоў нямецкай акупацыі 1941-44 гг. - будынак стаяў незавершаны.
4-5. Фотаздымкі 1950-х, 1960-х гадоў, калі ў завершаным будынку размясцілася абласная дзіцячая бальніца.
6-7. Сучасны стан. Будынак закінуты і не выкарыстоўваецца.
#архітэктурабсср #публікуеццаўпершыню
Цікавая знаходка ў архіве БДАНТД: аказваецца дом па вул.Кірава, 19 ў Мінску, вядомы таксама як Дом энергетыкаў, пабудаваны ў 1929-30 гадах (фота 1) у першыя пасляваенныя гады думалі рэканструяваць з наданнем яго фасадам рысаў ужо больш пышнай пасляваеннай псеўдакласічнай архітэктуры - такі праект быў распрацаваны ў 1946 годзе ў Белдзяжпраекце (фота 2). Але нейкім дзіўным чынам праект не пайшоў у работу і будынак захаваў свой арыгінальны выгляд, характэрны для архітэктуры пачатку 1930-х (фота 3).
#архітэктурабсср
Учора здарылася яшчэ адно архітэктурнае адкрыццё - на расійскім музейным дзяржкаталогу з'явіўся здымак падпісаны, як "будынак аэрапорта ў Менску 1936-1938 гг" (тут нічога дзіўнага, падобны здымак публікаваўся ў беларускай прэсе ў 1936 годзе - пра гэта я ўжо пісаў). Адкрыццём стала тое, што будынак гэты аказаўся тыповым: аналагічныя аэрапорты былі пабудаваныя як мінімум у Душанбэ (фота 2) і Омску (фота 3-5). Там будынкі захаваліся да нашага часу, праўда, са значнымі зменамі ў выглядзе (фота 6, Омск).
Адзінае, застаецца пытанне, дзе такі будынак аэрапорта знаходзіўся ў Менску фізічна? Бо здаўна быў вядомы зусім іншы даваенны павільён менскага аэрапорта (фота 7), які быў знесены некалькі гадоў таму. Па габарытах ён значна большы за той тыповы аэрапорт з першага здымку і выгляд мае такі грунтоўны і сіметрычны, што сказаць, што гэта перабудова старога будынку цяжка. Тут, мабыць, свой арыгінальны праект. На АФЗ 1941 таксама нічога падобнага на стары будынак няма. Таму загадка яшчэ застаецца.
#архітэктурабсср
Праект Дзяржаўнага тэатра БССР у Менску ад ленінградскага архітэктара Ноя Троцкага, прадстаўлены на конкурс 1934 года.
#архітэктурабсср
Галоўны корпус Палітэхнічнага інстытута (цяпер БНТУ) у Менску на фотках 1938 і 1940 гадоў.
Будынак узведзены на пачатку 1930-х па праекце Георгія Лаўрова і перабудаваны напрыканцы 1930-х па праекце Наталлі Макляцовай (пасля вайны зноў перабудаваны з наданнем неакласічных рысаў).
#архітэктурабсср
Сярэдняя школа №4 у Мінску, пабудаваная па праекце архітэктара Герасіма Якушкі ў 1936 годзе, на фотаздымках канца 1930-х гадоў.
#архітэктурабсср
Магілёў. Дом імя Леніна на фота канца 1930-х гадоў (будынак захаваўся).
#піонэрархнагляд #архітэктурабсср
Тым часам у Мінску зносяць даваенны будынак былой школы па адрасе вул.Мяснікова 5, якому таксама амаль 90 год (школа была пабудаваная паводле тыповага праекта 1936 года).
Акрамя таго, на гэтым будынку ў 2013 годзе быў усталяваны памятны знак у гонар першай мінскай аўта-заправачнай станцыі (апошняе фота), якая была адчынена непадалёк у 1932 годзе. Лёс знака невядомы.
Фота: onliner.
#архітэктурабсср #піонэрахнагляд
Міжваенны будынак школы ў Мінску па сучасным адрасе Мяснікова дом 5 на фотаздымку 1930-х і на сучасных панарамах.
#архітэктурабсср
Прыборка тэрыторыі вакол былой школы па Мяснікова 5 у Мінску летам 1944 года пасля вызвалення сталіцы ад немцаў.
Я магу памыляцца, але, здаецца, на узроўні 3-га паверха будынка бачная нямецкая імправізаваная агнявая кропка з двума пражэктарамі.
Крыніца: БДАНТД.
#архітэктурабсср #публікуеццаўпершыню
Здымак разбомленнага немцамі ў 1941-м раёна перакрыжавання вуліц Далгабродскай (Казлова) і Савецкай (будучага праспекта Незалежнасці), які апублікаваў канал "Минск и минчанин" (фота 1), нагадаў мне пра адну загадку.
У асабістым фондзе архітэктара Наталлі Макляцовай у БДАНТД захоўваюцца выявы праекта дома (фота 2, 3), які павінны быў знаходзіцца каля яе Дома Спецыялістаў (вялікі будынак у цэнтры першага здымка), але не быў пабудаваны. Загадка ў тым, што на нямецкім фота на пярэднім плане перад Домам Спецыялістаў бачная будаўнічая пляцоўка і часткова выведзеныя падмуркі - але падмуркі гэтыя не супадаюць абрысамі з праектаваным будынкам з фонда Макляцовай. І яшчэ цікава тое, што на выяве з генплана гэтага ж месца, якая датуецца 1940 годам (фота 4), будынка тут зусім няма.
Магчыма, ад першапачатковага праекта сярэдзіны 1930-х, адмовіліся, але пасля 1940 года распрацавалі новы і па ім пачалі будаваць ужо ў 1941 годзе, але не паспелі завяршыць. Гэты праект яшчэ трэба знайсці.